27 лютага 2020 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь сумесна з Дзяржаўным мемарыяльным гісторыка-літаратурным прыродна-ландтшафтным музеем-запаведнікам імя А.С.Пушкіна “Міхайлаўскае” адкрываецца фотавыстава “Міхайлаўскае. Кабінет Пушкіна”.
Пушкінскі Запаведнік – унікальны помнік рускай культуры нацыянальнага і сусветнага значэння. Міхайлаўскае, Трыгорскае, Пятроўскае, невялікі пасёлак Святые (зараз Пушкінскія Горы) са старадаўнім Святагорскім манастыром... Гэтыя мясціны аказаліся непарыўна звязаны з жыццём і творчасцю вялікага рускага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Там, на старадаўняй Пскоўскай зямлі, расцвёў паэтычны геній паэта. Сяло Міхайлаўскае – любімы і ўслаўлены паэтам куток, яго паэтычная радзіма, месца яго творчага пераўтварэння.
Запаведныя месцы на Пскоўшчыне прыцягваюць да сябе пісьменнікаў, мастакоў і артыстаў. Некаторыя застаюцца там назаўжды, другія вяртаюцца зноў і зноў. Свой погляд на Міхайлаўскае прадстаўляюць два выдатных фотамастака Аляксей Лазараў і Мікалай Аляксееў.
Дзякуючы працам гэтых розных, але аднолькава таленавітых людзей, наведвальнікаў музея чакае сустрэча з надзвычайнымі мясцінамі, адлюстраванымі камерамі ўлюблёных у сваю справу фотамастакоў.