14-15 верасня ў Мінску ўпершыню адбудзецца фестываль традыцыйнай музыкі “Rajok”, які пройдзе на пляцоўцы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Cяржук Доўгушаў і каманда “Tradycyja” пры падтрымцы Нацыянальнага гістарычнага музея ствараюць свой адметны фольк-фестываль, якi пройдзе 14-га і 15-га верасня ў дворыку музея па вул. Карла Маркса, 12.
“Rajok” – гэта пераход з лета ў восень; вобраз, які выкарыстоўваецца ў беларускіх жніўных песнях. “Хадзі Раёк у наш дварок!”
Спадар Доўгушаў і каманда “Tradycyja” прымалі ўдзел у арганізацыі розных канцэртаў і фестываляў. Адзін з яскравых прыкладаў – арганізацыя музычных і забаўляльных пляцовак на фестывалі “Камяніца”. Арганізатары фэсту беларускай традыцыйнай музыкі “Rajok” ставяць сваёй мэтай пазнаёмiць шырокае кола слухачоў з самымі яскравымі прыкладамі беларускай фольк-музыкі: ад аўтэнтычных носьбітаў традыцыі да сучасных этна-выканаўцаў.
Для таго, каб фэст адбыўся, арганізатары збіраюць грошы на краўфайдынгавай платформе Ulej.by. Кожны жадаючы можа ахвяраваць любую суму і атрымаць за гэта квіткі на фестываль і іншыя цікавыя бонусы і падарункі.
Праграма фестывалю
14 верасня
- конкурс маладых фальклорных калектываў;
- мона-спектакль лідара гурта “Троіца” Івана Кірчука «Дарожка»;
- канцэрт аўтэнтычных калектываў: сёстры Лук’яновіч з Палесся, мужчынскі гурт “Рада”, полацкі гурт “Варган”, капэля “Колісьнія” і іншыя;
- сучасныя этна-гурты Vuraj, Re1ikt і H.S.P.
15 верасня
- майстар-класы па гранню на народных інструментах: дудка, гармонік, барабан, скрыпка;
- дзіцячая праграма з інтэрактывам, песнямі і гульнямі;
- унікальны канцэрт беларускіх лірнікаў;
- выступ калектываў з самых глыбін Палесся: “Хатовічы”, “Церабяначка”, “Вытокі” і іншыя; · свята габрэйскіх песень і танцаў “Zingeray”;
- прэзентацыя кнігі-CD “Бяседныя песні” праекта “Tradycyja” з сапраўдным застоллем, спевамі і яскравымі фольк-калектывамі;
- вечарына народных танцаў.
Акрамя гэтага, усіх чакае традыцыйная беларуская кухня, выставы і іншыя актыўнасці.
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Мінск, вул. Карла Маркса, 12
(8017) 226-05-32